i=3153
11-12 лістапада адбудзецца візіт прэзідэнта Нацыянальнай бібліятэкі Францыі Бруна Расіна ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі. У рамках візіта 12 лістапада ў 11.00 плануецца падпісанне Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж нацыянальнымі бібліятэкамі Беларусі і Францыі.

Культурныя сувязі паміж Францыяй і Рэспублікай Беларусь актыўна развіваюцца даўно і плённа. Аб гэтым сведчыць правядзенне сумесных мастацкіх і фотавыстаў, семінараў і круглых сталоў, рэалізацыя сумесных культурных праектаў. Вялікі ўклад у развіццё культурных французска-беларускіх зносін унесла і Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Гэта і распачаты яшчэ ў 1986 годзе міжнародны кнігаабмен з Нацыянальнай бібліятэкай Францыі, і арганізацыя сумесных з Пасольствам Францыі ў Рэспубліцы Беларусь фотавыстаў, і стварэнне відэафільма французскімі рэжысёрамі аб будынку Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і іншыя праекты.

Візіт прэзідэнта Нацыянальнай бібліятэкі Францыі Бруна Расіна ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі стане важным крокам на шляху далейшага развіцця і ўмацавання культурных зносін паміж нацыянальнымі бібліятэкамі Беларусі і Францыі і краінамі ўвогуле.

Падчас візіта ў галоўную скарбніцу ведаў Беларусі Бруна Расін азнаёміцца з работай бібліятэкі, архітэктурна-будаўнічымі асаблівасцямі яе будынка, тэхнічным аздабленнем і інфармацыйнымі рэсурсамі. Прэзідэнт Нацыянальнай бібліятэкі Францыі наведае музей кнігі, дзе яго ўвазе будзе прадстаўлена калекцыя рарытэтных выданняў і рукапісаў з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Новым вітком культурных зносін стане падпісанне Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальнай бібліятэкай Францыі і Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі.

Пагадненне стварае прававую аснову для пашырэння культурнага ўзаемадзеяння паміж бібліятэкамі і заклікана садзейнічаць далейшаму ўмацаванню двухбаковых кантактаў. Асноўнымі напрамкамі супрацоўніцтва з’яўляюцца: распрацоўка даследаванняў у галіне развіцця сродкаў апрацоўкі інфармацыі, інфарматызацыі, алічбоўкі; рэалізацыя сумесных выстаў на базе нацыянальных калекцый дакументаў; развіццё адукацыйных праграм для супрацоўнікаў бібліятэк; арганізацыя канферэнцый і семінараў і інш.
Пасля падпісання Пагаднення адбудзецца выхад да прэсы дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Рамана Матульскага і прэзідэнта Нацыянальнай бібліятэкі Францыі Бруна Расіна.

Комментарии: (0)   Рейтинг: