Сёньня ў Гарадзенскім гарвыканкаме выдадзены ордэр на памяшканьне для грамадзкага музэю Васіля Быкава. Музэй створаны мясцовай вэтэранскай арганізацыяй, бухгальтарка якой Яўгенія Багданава атрымала ордэр разам з захавальнікам музэйнага фонду Аляксеем Дземідовічам.
Паводле спадара Дземідовіча, пакой мае плошчу 25 квадратных мэтраў і знаходзіцца на адным калідоры з пакоем (13 квадратных мэтраў) вэтэранскай арганізацыі, дзе цяпер месьціцца музэйны збор. Зараз трэба вырашыць пытаньне з арэнднай платай за новую плошчу — каб яна не была завысокая і вэтэраны маглі б яе плаціць, кажа ён.
Грамадзкі музэй Васіля Быкава знаходзіцца ў камяніцы пачатку ХХ стагодзьдзя на пешаходнай вуліцы Савецкай, 31. Пісьменьнік пражыў у Горадні чвэрць стагодзьдзя, пасьля чаго пераехаў у сталіцу. У горадзе над Нёманам ён напісаў "Жураўліны крык", "Трэцюю ракету", "Альпійскую баляду", "Мёртвым не баліць" ды іншыя свае вядомыя творы. Музэй быў створаны пасьля сьмерці Васіля Быкава ўлетку 2003 году.
Комментарии: (0)
Рейтинг: