Вера Палякова, знакамітая актрыса, спявачка, вядучая ток-шоу "Жыццё як жыццё" на тэлеканале ЛАД, даўно не давала інтэрв'ю, на нейкі час знікла з тэатра і не паказвалася ў кіно. Што здарылася? Вера проста была ў дэкрэтным водпуску. Яе малодшаму сыну Арцёму нядаўна споўніўся год і два месяцы, сынок падрос і стаў на свае ногі, а ў маладой мамы з'явіўся час, каб у перапынках паміж здымкамі і хатнімі справамі падзяліцца навінамі з карэспандэнтам "ЧЗ" і проста пагутарыць пра "жыццё як жыццё".
— Вера, калі вам тэлефануюць і дамаўляюцца аб інтэрв'ю, якія пачуцці ў вас узнікаюць?
— Дзе знайсці час?! Праўда, шкада часу. Асабліва, калі запрашаюць на тэлевізійныя здымкі. Уявіце сабе, што трэба падабраць касцюм, зрабіць макіяж і прычоску, прыехаць, здымацца. Замест гэтага можна зрабіць кучу карысных спраў. Шчыра кажучы, у мяне ўжо ёсць імідж і пэўная папулярнасць. Адпачывала разам з сынам нядаўна ў санаторыі ў Сочы і да мяне падыходзілі зусім незнаёмыя людзі з воклікамі: "Ой, Верачка, а мы вас ведаем. А які ў вас хлопчык прыгожанькі, дайце ж на яго паглядзець!". Вось у чым вымяраецца папулярнасць, а не ў колькасці тэлевізійных гадзін.
— У ток-шоу "Жыцё як жыцё" ў вас амплуа простай, усё разумеючай сяброўкі. У сапраўдным жыцці вы такая ж, ці акцёрскі вопыт дапамагае?
— На ток-шоу я імкнуся быць такой, якая я ёсць у жыцці. Так пабудавана праграма: ты павінен адкрыць сваю душу, каб чалавек, які прыйшоў, таксама змог разняволіцца. Калі запрашаеш людзей на праграму, яны звычайна з захапленнем згаджаюцца. А ў студыі могуць расхвалявацца, дрыжаць і кідацца мне на калені : "Ой, Вера, я нічога не магу сказаць, ратуйце". І мая задача, як вядучай, супакоіць іх. Толькі на першы погляд здаецца, што прыйсці і расказаць сваю гісторыю — гэта лёгка. Перад табой сядзяць незнаёмыя людзі, знакамітыя персоны, якіх ты, магчыма, бачыў толькі па тэлевізары.
— Вера, вы тэлевядучая і актрыса. А што лепш?
— У першую чаргу, я драматычная актрыса. Усё астатняе: тэлебачанне, спевы — гэта дадатковыя рэчы. Нехта можа толькі іграць у тэатры, камусьці па душы кіно. А мне трэба ўсё разам. Мне цікава яшчэ і весці канцэрты, працаваць на ТБ.
— Ці можаце дзеля ролі змяніць знешні выгляд, напрыклад, як Кэтрын Зэта Джонс папаўнець на 20 кілаграмаў?
— Мне б пахудзець, а не паправіцца (Смяецца). А то пасля нараджэння другога сына ўсё прыходзіць у форму не так хутка, як хочацца. Насамрэч, усё залежыць ад ролі, наколькі яна для мяне важная.
— Дарэчы, вы яшчэ і спяваеце. У 2007-м з'явіўся ваш сольны альбом "Актрыса". Плануеце працягваць музычную кар'еру?
— Я не спявачка, я актрыса, якая спявае. Увогуле, спяваць пачала раней, чым займацца акцёрскім майстэрствам. З 6 гадоў займалася ў школе з харавым ухілам. Танцавала, займалася па класе фартэпіяна і хацела стаць, як Ала Пугачова. Ідэя запісаць дыск прыйшла тады, калі мы многа калясілі па гарадах і сёлах з творчымі сустрэчамі. Заўсёды цікавей глядзець на артыста, калі ён нешта праспявае ці станцуе.
Цяпер музыкай не займаюся. Таму што ў мяне маленькі сын. Ды я ўвогуле малайчына (смяецца). Калі Арцёму было ўсяго тры месяцы, выйшла на ток-шоу. У перапынках паміж здымкамі карміла малога.
— А якая вы мама?
— Я лічу, што дрэнная. А мае блізкія гавораць, што мамачка-квактуха. Ведаю адзінае: дзеля сваіх дзяцей магу пайсці на многае. І яны гэта ведаюць. Галоўнае, што я веру сваім дзецям на сто адсоткаў. Напрыклад, калі старэйшы Дзіма скажа, што яго нехта пакрыўдзіў, буду верыць яму, а не іншым.
— А па жыцці вы даверлівая?
— Я імкнуся верыць людзям. Аднак заўсёды бачу, калі яны не шчырыя са мной. (Вера адзіная з маіх субяседнікаў, хто не запатрабаваў матэрыял на вычытку. — Аўт.)
— Цікава, а як ставіліся бацькі да вашай прафесіі?
— Мае бацькі былі катэгарычна супраць, каб я была артысткай. Мама ў мяне доктар педагагічных навук, прафесар. Бацька мае тэхнічную адукацыю. Бабуля — стаматолаг. Яны, вядома, хацелі, каб я атрымала больш зямную прафесію. Мама марыла, каб я пайшла ў навуку, напісала дысертацыю. Аднак я заўсёды займалася творчасцю. Па-сапраўднаму верыць у маю прафесію бацькі пачалі зусім нядаўна. Ім было цяжка прыняць тое, што я ездзіла па нейкіх фестывалях, удзельнічала ў многіх праектах, набірала вопыт і папулярнасць. Тым больш у мяне рос Дзіма.
Зараз усё па-іншаму. Я разумею, што галоўнае — сям'я. Усё астатняе? Яно ёсць, але яно не аснова.
— Вы выкладаеце ў Беларускай акадэміі мастацтваў сцэнічны рух, сцэнічны бой і фехтаванне. Чаму такія не зусім жаночыя заняткі прыйшліся вам па душы?
— Так склалася, што на момант заканчэння Акадэміі па размеркаванні мяне бралі ва ўсе тэатры, пакуль не даведваліся, што я цяжарная. (Смяецца.) Усё ж такі мяне ўзялі ў ТЮГ, дзе я працавала роўна 60 дзён, пакуль не пайшла ў дэкрэт. І Лідзія Аляксееўна Сямашка, мой выкладчык па сцэнбою і сцэнруху, прапанавала паступіць у аспірантуру. Я вывучала і педагогіку, і логіку, пісала кандыдацкі мінімум, пісала дысертацыю, як і хацела мая мама, але не абараніла яе. Ездзіла ў Маскву, пераймала вопыт расійскіх калег. Вось так і склалася, што ў Беларускай акадэміі мастацтваў я адзіны педагог, які ведае гэтыя прадметы. Шчыра скажу, што не зарплата мяне там трымае, таму што яна мізэрная. Мне цікава выкладаць. І гэта вызначальны фактар.
— Як вы любіце адпачываць?
— Я адпачываю разам са сваімі дзецьмі. Я не наведваю свецкія вечарыны. Калі некуды хаджу, то толькі з мужам. Паколькі ён чалавек заняты, нам рэдка куды даводзіцца наведвацца. Мы любім выбірацца за горад. Нядаўна была на поўдні разам з дзецьмі. З імі ж наведваем санаторыі. Зімой усёй сям'ёй едзем у горы, катаемся на лыжах.
— Любіце экстрым на горных лыжах?
— У параўнанні з мужам і старэйшым сынам я катаюся кепска. Дзіма ў нас і з трамплінаў на лыжах умее — ажно духі займае. Я катаюся, як чайнік, так сказаць. Але з гор спускаюся.
— З хатнімі справамі спраўляецеся самастойна?
— У мяне ёсць памочніца. Таму я не без страху ўспамінаю тыя дні, калі яна была ў адпачынку. У суботу і нядзелю ў мяне спектаклі, і таму без памочніцы мне цяжкавата ўсё паспець адной. Дапамагаць няма ж каму. Муж заўсёды на працы. Убіраю, мыю, прасую кожны дзень. Гатую таксама сама. Многія нашы сябры прыязджаюць спецыяльна на мае катлеты.
— Падзяліцеся прафесійнымі планамі.
— Я вярнулася ў тэатр (Тэатр-студыя кінаакцёра. — Аўт.). Нядаўна ў нас адбылася прэм'ера спектакля "№ 13". Вярнулася і проста ў рэпертуар. Мне хацелася б цікавы спектакль і цікавую новую ролю. Хочацца працаваць і на ток-шоу — яно ж ужо як ніяк чацвёрты сезон. Песню новую трэба запісаць. Сяргей Сухамлін напісаў мне прыгожую "Калыханку". Глабальнага нічога здзейсніць не планую. Вярнуся хутка ў кіно. Прапановы ёсць, аднак мой малодшы сын не можа без мяне заснуць, таму начныя здымкі адмяняюцца. А я не люблю спазняцца і расчароўваць людзей.
Тое, што вы не ведалі пра Веру Палякову
1. У яе натуральны колер валасоў.
2. Любімыя стравы — катлеты з індычкі і тушаны трус.
3. Вельмі любіць салодкае, асабліва шакалад і сочнікі.
4. Пах дзяцінства — дом, у якім водар пірагоў.
5. Не ўмее вязаць і не карыстаецца Інтэрнэтам.
Комментарии: (0)
Рейтинг: