i=2777
Вось як раней было: для таго, каб пабачыць, напрыклад, партрэт Моны Лізы, трэба было выпраўляцца ў далёкае і небяспечнае падарожжа. Яно магло цягнуцца нават некалькі месяцаў, бо простыя людзі ў часы Адраджэння часцей за ўсё вандравалі пешшу... Сёння для таго, каб пабачыць што заўгодна, чалавеку не трэба нават з дому выходзіць! Усё бяспечна, зручна, інтэрактыўна. Усё ёсць у інтэрнэце. Можна нават он-лайн павандраваць па краінах, гарадах, музеях... Але гэтае "што заўгодна" страціла сёння такую значнасць, якую мела раней. Проста з-за таго, што стала так лёгка даступнае. Мне ўсё ж здаецца, што жывую вандроўку не заменяць ніякія вынаходніцтвы цывілізацыі. Кожны з гарадоў свету мае нейкую сваю атмасферу, гісторыю, душу, якія не здолеюць перадаць ні вэб-камеры, ні фотаздымкі, ні сканструяваныя ў аб'ёме макеты гарадоў, па якіх можна паблукаць он-лайн.

Я звярнулася да пяці чалавек, якія займаюцца літаратурай, тэатрам, музыкай, выяўленчым мастацтвам і разам з тым вельмі любяць падарожнічаць і маюць багаты "вандроўны" досвед. Яны падзяліліся са "Звяздой" сваімі думкамі наконт таго, якія гарады кожнаму беларусу варта наведаць ужывую.

Гаўрыла Вашчанка, мастак:

1. Навагрудак. Першая сталіца Вялікага Княства Літоўскага, адсюль нашыя карані, як самастойнай дзяржаўнасці. Там захаваліся рэшткі замчышча Гедыміна і знаходзіцца музей Адама Міцкевіча, які павінен наведаць кожны беларус. Бо ніхто так добра не расказаў пра беларускую шляхту, як Міцкевіч. Яшчэ там захаваўся касцёл, дзе Ягайла вянчаўся з Соф'яй Гальшанскай.

2. Слонім. Адзін з найстаражытнейшых гарадоў Беларусі, з якім цесна звязаны вялікі беларускі шляхецкі род Агінскіх. Побач са Слонімам знаходзяцца Жыровічы — святое беларускае мястэчка.

3. Гродна. Тут абавязкова трэба пабачыць Каложскую царкву — самы старажытны помнік беларускай архітэктуры (ХІІ ст.). Горад працяты гістарычным духам. Зусім нядаўна там усталявалі камень, дзе калісьці давалі клятву гродненскія харугвы, якія ішлі на Грунвальдскую бітву.

4. Гомель. Тут унікальны для Беларусі парк, дзе сабрана больш за 500 дрэў розных парод. І палац Румянцавых-Паскевічаў — выдатны помнік нашага класіцызму.

5. Мінск. Кожнаму беларусу трэба пабываць у гэтым горадзе перш за ўсё таму, што гэта наша сталіца. У Мінску знаходзіцца Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, з экспазіцыяй якога беларусы павінны пазнаёміцца, каб ведаць сваю культуру. Менавіта ў Мінску знаходзіцца Нацыянальная бібліятэка — новы сімвал незалежнай Беларусі.

Марыя Мартысевіч, паэтка, эсэістка, перакладчыца:

— Любому чалавеку варта пабачыць за жыццё як мага больш мясцін, апроч родных. Гэта прыносіць веды пра свет і лекуе ад стэрэатыпаў. Мы з вамі жывём на вельмі зручнай адлегласці "ноч на цягніку" ад галоўных аздобаў Усходняй Еўропы — Варшавы, Кіева, Кракава, Львова, Рыгі, Масквы ды Санкт-Пецярбурга, не кажучы ўжо пра зусім блізкую Вільню. Але я намерваюся завабіць вас у менш вядомыя куты свету.

1. Чэшскі Крумлаў, Чэхія. Калі да старажытнага беларускага горада падступаў вораг, гараджане "затворяшася" ў горадзе, трымаючы гераічную абарону. Узяўшы горад, вораг зазвычай спальваў яго дашчэнту, а жанчын і дзяцей забіраў як вайсковую здабычу. Старажытныя чэхі па-іншаму расстаўлялі прыярытэты. Калі вораг падступаў да чэшскага горада, за браму выходзіў мэр з мехам золата, пытаючыся ў непрыяцеля: "Мо дамовімся?" Гэтым некаторыя гісторыкі тлумачаць неверагоднае архітэктурнае багацце гарадоў Чэхіі. Рэнесансны да апошняга закуточка Чэшскі Крумлаў у свой час уразіў мяне болей за Прагу і Карлавы Вары. Тут пэўны час працаваў мастак-экспрэсіяніст Эган Шыле.

2. Лодзь, Польшча. Вакзал, да якога едуць усе цягнікі на Лодзь, па традыцыі абвяшчаюць у дынаміках як "Лодзь Фабрычна". Вельмі хацелася б накіраваць сюды беларусаў, якія адказваюць за лёс будынкаў старых фабрык ды заводаў. Лодзь — выдатны прыклад таго, як індустрыяльная мека ХІХ стагоддзя здольная стаць культурнай мекай ХХІ-га: колішнія цэхі з чырвонай цэглы цяпер змяшчаюць гандлёвыя цэнтры і мастацкія галерэі, служачы візітоўкай гэтага неверагодна прывабнага горада. А на знакамітай кінастудыі Лодзі амерыканскі рэжысёр Дэвід Лінч здымаў "Унутраную імперыю".

3. Ляйпцыг, Германія. Любы нямецкі горад варта наведаць у канцы лістапада-снежня, калі на кожнай плошчы раскінуты Калядны кірмаш. Пры ўмове лёгкай смугі ці снегападу трапляеш на старонкі казак Вільгельма Гаўфа. Але Лейпцыг уразіў мяне іншым — яго выдатна зробленыя музеі сучаснай гісторыі яскрава расказваюць пра жыццё ў ГДР і падзеі, якія папярэднічалі аб'яднанню Германіі. Гэта захапляльная сага грамадзянскай мужнасці: да падзення Берлінскага муру прывялі масавыя маніфестацыі ў Лейпцыгу, распачатыя вернікамі лютэранскай царквы святога Мікалая ўвосень 1989 года. Раю зазірнуць у музей "Штазі" і паслухаць арган у саборы святога Томаса, дзе пахаваны нямецкі кампазітар Ёган Сэбастыян Бах.

4. Коўна, Літва. Калі выпадкова — як я мінулым летам — трапляеш сюды, накрывае адчуванне: вось сапраўдная сталіца літоўскай дзяржавы. Коўна — гэта Тэль-Авіў пры Вільні-Ерусаліме. У гэтым горадзе ўсё рацыянальна, вытанчана, стрымана, дзелавіта і ўтульна. І пры гэтым — раптам — раскошны літоўскі канструктывізм трыццатых гадоў, унушальная готыка храмаў. Асабліва закаханаму ў родную прыроду беларусу спадабаецца поплаў у самым цэнтры Коўна, дзе ў Нёман-бацьку ўліваецца Вілія-матухна. Уразіць тое, з якой хуткасцю здольныя цячы гэтыя сціплыя беларускія рэчкі, калі ім даць волю. І не прапусціце Мастацкі музей імя Мікалоюса Чурлёніса. Яшчэ адна прычына наведаць гэтыя мясціны — ковенскі аэрапорт, самая блізкая магчымасць для жыхароў Беларусі вельмі бюджэтна злятаць у Парыж, Лондан ці Барселону.

5. Сан-Францыска, ЗША. Кожнаму беларусу за жыццё варта наведаць хоць бы адзін горад з хмарачосамі, адзін горад на гары і адзін горад на акіяне. Усё гэта выдатна спалучылася, напрыклад, у Сан-Францыска, рэзідэнцыі хіпі і калысцы бітнікаў. Асабліва рэкамендую акіян: стаяць твар у твар з прыбоем — самы захапляльны з усіх магчымых атракцыёнаў для жыхара краіны без берагавой лініі.

Уладзімір Цэслер, дызайнер:

1. Вільня, Літва. Адзін з самых прыгожых і ўтульных гарадоў свету! Калі пабываць у Вільні, можна ўявіць, як мы раней жылі. Вільня ж была сталіцай нашай прабацькаўшчыны. Заўжды, калі беларусы бываюць у Вільні, яны вяртаюцца адтуль перакананыя, што па духу, па нечым такім няўлоўна-метафізічным Вільня — выключна беларускі горад.

2. Варшава, Польшча. Гэты горад таксама звязаны з нашай гісторыяй. Прычым настолькі блізка, што, блукаючы па гістарычным цэнтры, на кожным кроку сутыкаешся з нейкімі помнікамі, якія пра гэта сведчаць.

3. Кіеў, Украіна. Самавіты прыгожы горад, з якім мы таксама маем гістарычныя сувязі. Адзін з нешматлікіх гарадоў на постсавецкай прасторы, які з'яўляецца буйным цэнтрам сучаснага мастацтва.

4. Віцебск. Гэта такая беларуская культурная мека, дзе абавязкова трэба пабываць! Там сканцэнтравана столькі творчай жывільнай энергіі, якая будзе карысная не толькі мастакам, але і любому чалавеку. Адзін з нямногіх беларускіх гарадоў, які мае сусветнае культурнае значэнне.

5. Заслаўе. Гэта адзін з найстаражытнейшых гарадоў Беларусі. У Заслаўі ўсё патыхае нейкай такой менавіта беларускай даўніной. Акрамя таго, тут знаходзіцца вялікая частка аўтэнтычных архітэктурных збудаванняў, помнікаў, з якімі кожны беларус абавязкова мусіць быць знаёмы, таму што яны — наша гісторыя.

Андрэй Курэйчык, драматург:

1. Санкт-Пецярбург, Расія. Беларусы ў большасці сваёй пазбаўленыя добрай архітэктуры. Яна была разбураная шматлікімі войнамі і гістарычнымі катаклізмамі. Яны забыліся, што значыць атрымліваць асалоду ад выгляду з акна, ад прыгажосці дамоў, панарам, плошчаў, усмоктваць вялікую культуру акурат на вуліцы. Жыхарам "малінавак, "шабаноў", "чыжовак", "уруччаў" проста неабходна даведацца, што свет складаецца не толькі з аднатыпных бетонных шматпавярховікаў...

2. Лос-Анджэлес, ЗША. Гэта самая вялікая і самая фешэнебельная вёска ў свеце! Лос-Анджэлес паказвае ідэальнае змяшэнне вясковай і гарадской эстэтыкі і жыццёвай логікі, спалучэнне найлепшых якасцяў таго і другога. Аказваецца, можна ў цэнтры горада жыць ва ўласным доме з садам, а вузенькая непрыкметная вуліца з двухпавярховымі дамкамі можа стаць марай для ўсяго свету, дзе ў кожнай другой кавярні можна сустрэць галівудскую "зорку" — я маю на ўвазе "Алею Зорак". Дэвіз гэтага горада — жыццёвая прастора кожнаму чалавеку.

3. Вільня, Літва. Шмат стагоддзяў гэты горад быў цэнтрам беларускай культуры, тут выдавалі свае газеты і кнігі Янка Купала, Цётка, Якуб Колас. Вільня была цэнтрам беларускай адукацыі, беларускага нацыянальнага мыслення, беларускай вызваленчай барацьбы. Дасюль мне здаецца, што ў Вільні нашмат больш беларускага, чым у многіх уласна беларускіх гарадах. Няхай яна цяпер сталіца іншай краіны, але недзе глыбока ў душы мы адчуваем у гэтым горадзе нешта глыбока роднае.

4. Гавана, Куба. Горад, дзе сацыялізм такі перамог. Вялікая канкістадорская архітэктура, дамы з пустымі аконнымі праёмамі і без прыбіральняў, імпэтныя танцы ў цыгарэтным дыме, сэкс і махіта. Хэмінгуэй ведаў толк у жыцці. Аднойчы пабываўшы ў Гаване, абавязкова закахаешся ў яе, як у дзікунку, гатовую на ўсё дзеля дармавога кактэйлю. Горад для тых, каму пляваць на грошы, камфорт, правілы, паліткарэктнасць. Шчасце жабракоў, пісьменнікаў і хіпароў.

5. Нью-Ёрк, ЗША. Тут верыш, што чалавечая цывілізацыя можа ўсё. Вавілон нашых дзён, які складаецца не з адной, а з сотняў вавілонскіх вежаў. На Манхэтане, узняўшы галаву, вы не ўбачыце, дзе заканчваюцца дамы. Адчуванне, быццам яны ўпіраюцца рыхтык у неба. Гуляючы па вуліцы, вы ўбачыце людзей усіх нацыянальнасцяў, колераў скуры, веравызнанняў. На Брайтан-Біч вы апынецеся ў Адэсе 80-х, а ў Чайна-таўне пакаштуеце ўсіх жывых пачвар, якіх толькі можна злавіць на гэтай зямлі. Гэты вялікі горад — сімвал усяго чалавецтва.

Іван Кірчук, лідар этна-трыа "ТРОІЦА":

1. Ліда. Прыгожы старажытны беларускі горад. Цікавы і сваёй гісторыяй, і тым, што шмат таленавітых беларусаў там нарадзілася альбо вучылася. Напрыклад, Люся Лушчык, Зміцер Вайцюшкевіч... Гэта і мой родны горад.

2. Вільня, Літва. Тут вельмі шмат прыгожых, святых мясцін. Чароўны горад, таму што ўдала спалучае старажытнасць і сучаснасць. Гэта тычыцца і музычнай культуры.

3. Варшава, Польшча. Гэты горад — добры прыклад павагі да сваёй даўняй культуры, мовы, святаў... Мы сваё толькі шукаем, а яны гэтым жывуць.

4. Будапешт, Венгрыя. Мова, на якой размаўляюць венгры, зусім ні на што не падобная. А яны з вялікім задавальненнем успрымаюць любую музыку, на любой мове. Там і кухня цікавая, абрады, святы, звычаі... Ёсць у Будапешце музычны фестываль Рерsі Szіgеt, які праходзіць цэлы тыдзень. Гэта 40 пляцовак, на якіх працуюць музыкі ў розных накірунках. Такіх фестываляў, на жаль, у Беларусі няма.

5. Масква, Расія. Гэта той горад, куды я не раю ехаць беларусам! Мне здаецца, што Масква — мясарубка, якая ўмее ўсё здорава перакруціць. Нават цэркваў, якія стаяць у горадзе, не відаць за высокімі дамамі... У мяне такое адчуванне, што Масква вельмі адкрыты горад для грошай і вельмі закрыты для творчых людзей. Ужо шмат гадоў прайшло з таго часу, як Беларусь аддзяліліся ад Савецкага Саюза, але, як я прыязджаю туды, мне кажуць, што мы іхнія. Я кажу: як жа мы вашы? У нас свая культура, песні, фальклор!

Комментарии: (0)   Рейтинг:
Пока комментариев нет