— Я натуральна знаходжуся ва ўзрушаным стане, — кажа пісьменнік Віктар Марціновіч. — Дагэтуль шмат хто з маіх знаёмых не прымаў мяне як літаратара, хіба як чалавека, які распіярыўся на ўсю Беларусь. А цяпер, калі такое выданне, як The New York Review of Books напісала пра "Параною", для мяне гэта як падтрымка маёй пазіцыі, што я пісаў раман не дзеля піяру, а дзеля літаратуры.
Цімаці Снайдэр у артыкуле-рэцэнзіі In Darkest Belarus/"У змрочнай Беларусі" зазначае, што Марціновіч "аднаўляе ўсе класічныя для дысідэнцкай літаратуры Ўсходняй Еўропы цверджанні": сістэма гэта не толькі кіраўнікі, гэта таксама і кіраваныя, самацэнзура мацнейшая за цэнзуру. У сваім артыкуле Снайдэр распавядае не толькі пра раман "Параноя", але і шырэй — пра беларускую культуру. У прыватнасці, пра рэпрэсіі супраць беларускай літаратуры на працягу ХХ ст. У дадатак у рэцэнзіі Снайдэр дае сваё бачанне тоеснасці сучасных беларусаў.
Калі хто не чытаў: раман "Параноя" распавядае аб краіне, падобнай да Беларусі, і горадзе, падобным да Мінска. Ёсць там і пра дыктатуру, і пра чалавечыя адносіны. Галоўны герой сустракае казачную прынцэсу з купай грошай, аўто і кватэрамі, якая выяўляецца палюбоўніцай кіраўніка дзяржавы. Усе спатканні каханкаў дэталёва занатоўваюцца праслухоўкай Міністэрства бяспекі. Шмат хто знайшоў у кнізе Марціновіча падабенства з оруэлаўскім "1984". Раман, выдадзены ў Расіі, амаль імгненна быў забаронены да продажу ў Беларусі. Дарэчы, першы пераклад урыўкаў з гэтага расійскамоўнага раману быў надрукаваны па-беларуску. Выбраныя месцы былі апублікаваныя ў часопісе ARCHE ў перакладзе Ўладзя Лянкевіча.
Комментарии: (0) Рейтинг:
Средняя оценка участников (от 1 до 10) : Пока не оценено
Проголосовавших: 0
Проголосовавших: 0