i=2653
Творчасць Максіма Багдановіча, асабліва двух апошніх гадоў жыцця паэта, выразна адзначаная сталым трывожным роздумам над лёсам Беларусі. Не было ў тым нічога выпадковага — яны прыпалі якраз на час Першай сусветнай вайны з яе нялічанымі ахвярамі, непрадказальнымі наступствамі.

У гэты перыяд Беларусь, і ў тым, пэўна, яе гістарычная наканаванасць, на гады трапіла ў эпіцэнтр мілітарнага супрацьстаяння вялікіх дзяржаваў, затым у чараду акупацый, інтэрвенцый, сталася аб’ектам тактычных і стратэгічных планаў яе суседзяў.

З ініцыятывы інтэлігенцыі, пакліканы непасрэдна Аркадзем Смолічам, пазней знаным беларускім палітыкам, навукоўцам, восенню 1916 года Максім Багдановіч прыехаў у фактычна прыфрантавы Мінск. Паэт на ўласныя вочы ўбачыў, мог адчуць, у якую бяду-нядолю быў кінуты вайною яго народ. Праз горад няспынна цёк бясконцы паток бежанцаў. Уся Гродзеншчына і Віленшчына былі зрушаныя з месца, жыхарства іх ператварылася ў выгнанцаў, вымушаных уцекачоў. Гнаны валам франтоў на сялянскіх скрыпучых вазах, з дзецьмі, старымі, сціплым скарбам люд знябожана цягнуўся на Усход.

Уладкаваны сябрамі на службу ў Камітэт помачы ахвярам вайны, у штаце якога працавала гронка грамадзянска актыўнай беларускай інтэлігенцыі, Максім Багдановіч меў магчымасць уведаць фактычны, рэальны стан рэчаў з бежанствам як народным бедствам, грамадска-палітычнымі настроямі ў краі.

Паэт стаў жаданым госцем на імправізаваных вечарынах у народным клубе "Беларуская хатка". На адной з такіх вечарын, як успамінала іх удзельніца Апалінарыя Радкевіч, па просьбе-прадстаўленні А. Смоліча адбылася прэм’ера славутай "Пагоні". Зыходны трывожна-валявы зачын-матыў "Толькі ў сэрцы трывожным пачую за краіну радзімую жах…" паэт ператварыў у магутнае мастацкае сцверджанне беларускай нацыянальнай ідэі, яе непераможнасці. Роздум Максіма Багдановіча аб гістарычных шляхах Беларусі, яе будучыні, натуральна, набіраў розныя змест і форму выказвання ў слове.

У адных творах паэт катэгарычны, гарачлівы ў асуджэнні нечага істотнага ў беларускай мінуўшчыне, можна сказаць, у беларускім менталітэце:

Досі ўжо, браты, чужынцам мы служылі,
Досі ўжо пашаны ім прыдбалі;
Не сваю — чужую долю баранілі,
Пад чужымі сцягамі ўміралі.

У вершы ж "Беларусь, Беларусь! Агнём імя тваё мне гарыць", прынамсі, у першай яго страфе адчуваецца прысутнасць у аўтара апанента, бо інакш адкуль у наступных радках імя радзімы-Беларусі?

Страшным агнём у размове стаіць
І грымотаю ў гнеў раздаецца.

Адчуваецца ўнутраная палеміка паэта з царскім афіцыёзам, паводле якога, з падачы расійскай дваранскай гістарыяграфіі ды адыёзна дзейных на пачатку ХХ ст. чарнасоценцаў, беларускі і ўкраінскі этнасы — несамастойныя. Ды што казаць пра 1900-я і 10-я гады ХХ ст. Рэха іх пустым глумлівым зыкам адгукаецца і сёння, на пачатку стагоддзя ХХІ.

Беларускаму паэту гэта абыходзіла, балела. Прыведзеныя вышэй радкі некалі даўным-даўно мне трапіліся на вочы ў старым беларускім календары за 1927 год. Такія кнігі — календары ў 1920-30-я гады выдаваліся ў Вільні і былі вельмі папулярныя ў Заходняй Беларусі.

Публікацыя Багдановічавага верша суправаджалася кароткай заўвагай: "Друкуецца як малазнаны твор". Ніякага каментара, спасылкі на крыніцу. Аднак тое, што твор належыць пяру Максіма Багдановіча, сумнявацца не даводзіцца. У рэчы незакончанай, слабай кампазіцыйнай знітаванасцю строф, жыве яго, паэтава душа. І ход аўтарскай думкі пазначаны, бачны.

Запомнілася, можна сказаць, запала ў памяць перадусім другая, апошняя страфа. Зноў яго думка пра Беларусь. Гэтым разам па асацыяцыі:

Як нявехна* ў няроўнай сям’і
Ты пасагу сабе не надбала,
Залатыя кляйноты** тваі
Ў пыху*** сёстрам сваім даравала.

Аўтар даследчыцкай працы "Белорусское возрождение", М.Багдановіч пра залатыя кляйноты, падораныя сёстрам, думаў, казаў у кантэксце палемікі з праціўнікамі нацыянальнага адраджэння беларусаў. Што да верша-накіду, пра які тут гаворка, то яго, на жаль, не сустрэць ні ў двухтомніку 1960-х гадоў, ні ў самым поўным трохтомным акадэмічным выданні паэтавай спадчыны. Але згаданае, да слова, — толькі інфармацыя для будучых, магчымых выданняў.

Што ж да роздуму Максіма Багдановіча ў апошні год яго жыцця над мінулым і сучасным Беларусі, то, без сумневу, паэтам пераадольваўся мінор і наўпрост выказвалася вера ў яе добрую будучыню:

Беларусь, твой народ дачакаецца
Залацістага яснага дня…

Адзін з апошніх твораў паэта, запаветны, гучыць пабуджальна, кліча да дзеяння. І як на час напісання — актуальны:

Ты не згаснеш, ясная зараначка,
Ты яшчэ асвеціш родны край.
Беларусь мая! Краіна-браначка!
Устань, свабодны шлях сабе шукай.

***

* Нявехна — нявестка (дыялектавае).
** Кляйноты — каштоўнасці.
*** У пыху — дзеля задавальнення амбіцый

Комментарии: (0)   Рейтинг:
Средняя оценка участников (от 1 до 10) : Пока не оценено   
Проголосовавших: 0