Горад, які ў 1996 годзе адзначыў 3000-гадовы юбілей, дагэтуль не мае пэўнага палітычнага статусу. Сваёй сталіцай яго лічаць і Ізраіль, і Палесцінская аўтаномія.
Паводле рэзалюцыі Генасамблеі ААН ад 1947 года Іерусалім мусіў адысці пад кантроль сусветнай супольнасці, аднак гэтага не адбылося. Напрыканцы 1949 года Ізраіль абвясціў яго ўласнай сталіцай. З таго часу ў горадзе атабарыліся ўсе ўрадавыя ўстановы габрэйскай дзяржавы. Аднак пасля акупацыі Іарданіі (1948-1967) Ізраіль меў кантроль толькі над заходняй часткай горада. Так было да 1967 года, калі ізраільцяне перамаглі ў Шасцідзённай вайне, узяўшы кантроль над усім Іерусалімам. Яшчэ праз 13 год Ізраіль назваў вечны горад сваёй адзінай і непадзельнай сталіцаю. Праўда, ААН не прызнала анэксіі Ўсходняга Іерусаліма, а амбасады амаль усіх замежных дзяржаў пераехалі ў Тэль-Авіў.
У розны час Іерусалімам валодалі Іўдзейскае царства, імперыя Аляксандра Македонскага, Сірыя, Егіпет, Старажытны Рым, Візантыя, Арабскі халіфат, крыжакі, дзяржава Айюбідаў, мангола-татары, мамлюкі, Асманская імперыя, Брытанская імперыя, Іарданія, Ізраіль. Не дзіва, што несупынныя археалагічныя раскопкі вядуцца тут з сярэдзіны 19 стагоддзя, а адмыслоўцы заяўляюць аб наяўнасці пад сённяшнімі ходнікамі 36 (!) гістарычных пластоў.
З 775-тысячнага насельніцтва біблейскага места 65% складаюць іўдзеі, 32% - мусульмане і 2% - хрысціяне. Пры гэтым нямногія ведаюць, што Іерусалім - самы бедны і небяспечны горад Ізраіля. 45% ягоных насельнікаў жывуць за рысай жабрацтва. 20 тысяч іерусалімскіх дзяцей не пайшлі сёлета ў школу толькі з той прычыны, што існуючых у горадзе школ недастаткова. Рэгулярна тут адбываюцца крывавыя сутычкі паміж габрэйскім і арабскім насельніцтвам, пераважная бальшыня якога таксама мае ізраільскія пашпарты.
Комментарии: (0) Рейтинг:
Пока комментариев нет