i=669
Зь імем Ігара Маскаленкі зьвязаная гісторыя беларускага рок-н-ролу ад канца 80-х. Тады ён граў у гурце "7 герц", які стаў папулярным на ўвесь Саюз пасьля здымак у фільме "Меня зовут Арлекино". Пра самага сьціплага бубнача беларускага року згадваюць Ігар Варашкевіч, Алег "Джагер" Мінакоў і Адам Глёбус.

"Ігар мог пачуваць сябе супэрзоркай, на тыя часы ў Менску „7 герц“ была папулярнай гэтак жа, як „Алиса“ ў Піцеры. Але ніколі за ім не назіраў нейкай ганарлівасьці, ён заўжды быў сьціплым, вясёлым і дабразычлівым чалавекам", — кажа пісьменьнік Адам Глёбус. Ігара жартаўліва звалі ў музычных колах "Маскаль", на што ён зусім не крыўдаваў.

Згадвае яго даўні сябра Алег "Джагер" Мінакоў: "Маскаль – музыкант майго пакаленьня, мы былі калегамі па цяжмашу – калі ён граў у самых прагрэсыўных на той час ва ўсім Саюзе цяжкіх камандах - "Герцах" і "Торнадо", я быў у "Инспекторе". Мне запомніўся наш сумесны выступ у Горадні. Мы тады раззлаваліся на нашага гітарыста, які прыехаў выступаць у сьветлай кашулі. Дык Ігар зьняў сваю калярытную чорную майку ды аддаў яму, а сам прасядзеў падчас нашага выступа голым. Ня ведаю, чаму такое згадалася, але гэты эпізод добра сьведчыць пра яго дабрыню і чуласьць".

"Колькі яго памятаю, ён заўжды быў у адным настроі — вясёлым", — згадвае лідэр гурта "Крама" Ігар Варашкевіч. Пасьля працы ў складзе адной з самых вядомых гэві-мэтал камандаў Беларусі "Торнадо", Ігар граў якраз у гурце "Крама". "Я заўжды называў яго ў ліку самых улюбёных маіх бубначоў. Вельмі хацеў, каб ён граў з намі, сам Ігар таксама гэтага прагнуў, але ня склалася", — зазначае Варашкевіч. Маскаленка за сваю кар’еру пасьпеў пайграць у дзясятку камандаў, сярод іх — гурт ULIS, "Песьняры" і "Мантана". У ліку іншых беларускіх музыкаў зарабляў на жыцьцё ў турах па Блізкім Ўсходзе. Апошнім часам працаваў гукарэжысэрам у Беларускім драматычным тэатры беларускай арміі. "Зусім нядаўна зь ім спаткаліся, Ігар быў як заўжды вясёлым і шчыра запрашаў прыйсьці на спэктакль", — згадвае апошнюю сустрэчу з музыкантам Адам Глёбус.

Мяркуецца, што Ігар Маскаленка памёр ад прыступа панкрэатыту. Яго цела было крэмаванае 14-га кастрычніка.



Комментарии: (0)   Рейтинг: