i=1116
Андрэй Хадановіч — выкладчык філфака БДУ, вядомы паэт і перакладчык. У памяці многіх людзей яшчэ жыве вобраз Хадановіча-волата з вялікім круглым пузам. У такім выглядзе Андрэй паспеў сфоткацца нават для календара аголеных літаратараў. Цяпер, пабачыўшы Хадановіча, вы можаце падумаць, што ён захварэў. Жывата няма, стройны, як Клаўдзія Шыфер, падцягнуты, спартыўны. Што сталася прычынай гэтага і, галоўнае, як паэту ўдалося дасягнуць такіх вынікаў, пра якія мараць многія "пампушкі"? Рэцэпт — у эксклюзіўным інтэрв'ю спецыяльнаму карэспандэнту "Звязды" Глебу Лабадзенку.

"Мая пячонка была самай вялікай на ўсёй постсавецкай прасторы"

— Андрэй, звычайна такія гутаркі ладзяцца з поп-зоркамі — як яны худнелі, як яны сталі лепш выглядаць. А тут узяў і схуднеў паэт. Прычына — вы занадта шмат важылі ці нешта яшчэ?

— Калі адказваць не зусім сур'ёзна... У Беларусі паэт — закладнік сваёй рэпутацыі. Калі ты паэт, правільны паэт, ты павінен выглядаць худым, нешчаслівым, галодным, замучаным, здраджаным, кінутым, суіцыдальным. А калі ты выглядаеш вясёлым, упэўненым, паспяховым, усміхаешся — ты кепскі, няправільны паэт, табе нестае трагізму, ты неглыбокі, несур'ёзны. Даводзіцца чуць менавіта такія высновы адносна таго, што я раблю. Калі ж адказваць на пытанне цалкам сур'ёзна... Год таму я меў гонар прадстаўляць Бацькаўшчыну на паэтычным фестывалі ў Маскве. Адным з арганізатараў быў вядомы лекар, які ахвяраваў на гэта апаратуру і час у сваёй клініцы. Паколькі паэт па азначэнні — істота пітушчая, то яго сумленне знаходзіцца ў пячонцы. Таму ўсіх паэтаў, удзельнікаў міжнароднага фестывалю, адправілі на УЗІ ўнутраных органаў. Вынікі мяне засмуцілі — мая пячонка была самай вялікай на ўсёй постсавецкай прасторы! Добры доктар суцешыў, што працэс абарачальны, варта колькі тыдняў весці здаровы лад жыцця. Я так спалохаўся, што вёў здаровы лад жыцця не колькі тыдняў, а колькі месяцаў. І вось толькі-толькі вяртаюся да звыклага.

— Андрэй, дык ад чаго ў вас былі такія праблемы?

— Вобразна кажучы — таму што злоўжываў піццём і закускай...

— І як пачалося змаганне?

— Пачалося яно з восені мінулага года. Калі б мне нехта сказаў, што я буду дзень пры дні пачынаць жыццё з аўсянай кашы — я яму б фізіяномію падрапаў. Не скваркі нейкія там трушчыць зранку ці што іншае любімае, а аўсянку! Але праз нейкі час гэта пачало прыносіць мне задавальненне. Засынанне ў цвярозым стане з ненабітым страўнікам... Думкі пра тое, што апоўначы есці ўжо не варта — досыць не рабіць гэтага пасля восьмай гадзіны вечара... Што не варта трушчыць самых мучных і тлустых прадуктаў... Не па-бульбашоўску колькі месяцаў не злоўжываў улюбёнай бульбай, а еў усялякія манкі, грэчкі, лавашы замест хлеба. Цукар знік з гарбаты... Галоўнае — з рацыёну знікла піва! Даходзіла да страшнага. Ездзіў з маладымі літаратарамі ў Прагу, дзе яны пілі найтаннейшае і найсмачнейшае ў Еўропе піва — а я сядзеў насупраць са шклянкай таматнага соку, які каштаваў удвая больш за тое піва.

— Гэтыя ўсе рэкамендацыі вам даў лекар ці вынайшлі нейкую дыету?

— Пасля таго абследавання ў нас з лекарам была паўгадзінная размова. Ведаеце — часам лечаць людзі па фатаграфіі. Ён мне паказаў здымак маёй пячонкі. Падзейнічала. У жыцці чалавек заўсёды ведае (тэарэтычна) — што правільна і няправільна, але робіць заўжды як прыемна. І чхаў ён на тое "правільна", пакуль не закране, не напалохае. Мяне закранула.

"Год таму запыхваўся, узбягаючы на пяты паверх філфака..."

— Мэта была — прывесці пячонку ў норму ці свой знешні выгяд?

— Адмовіўшыся ад чагосьці, ты заўжды атрымліваеш кампенсацыю. Год таму я лавіў сябе на думцы, што запыхваюся, узбягаючы на пяты паверх філфака. А ўжо гэтым летам я ўзбег без ліфта на Эйфелеву вежу і не вельмі засопся...

— Філфак БДУ можа пераязджаць у рэстарацыю "Жуль Верн", якая месціцца на Эйфелевай вежы...

— Дакладна!... Я звярнуў увагу, што пачаў вастрэй рэагаваць на наваколле. Лягчэй пішацца, весялей жывецца. Дазваляеш сабе спартыўны лад жыцця. У прынцыпе, усё, што я зараз казаў пра піццё і ежу — яно другаснае. У мяне было якраз лета, якое я правёў на жончынай радзіме ў Пружанах, дзе штодзень прыемна бавіў час: возера і заплыў у гэтым возеры, лядовы палац і заезд у гэтым палацы... Дажыў да 37 гадоў — і ніколі ў жыцці не стаяў на каньках. У жніўні гэтага года вырашыў паспрабаваць... Не разбіўся насмерць — і, акрылены поспехам, ледзь не кожны дзень практыкую гадзіну катання. І трэці аргумент — ровар. Спачатку 5, потым і 10, і 20 кіламетраў. Сумяшчаю карыснае для здароўя з прыемным для сям'і — ровар з прымацаваным да руля сядлом, куды можна яшчэ пасадзіць і малую Алену Андрэеўну, і ў суправаджэнні жонкі Марыны ўсім разам паехаць.

— А без другога, спартыўнага складніка, проста "не жоршы" і выконваючы гастранамічныя парады — можна дабіцца поспеху?

— Я не спрабаваў. Нават цяпер, узімку, коўзаюся на каньках. Хаджу да мамы круціць велатрэнажор. Уключаю DVD з якім-небудзь элітарным кіном — і кручу трэнажор у тэмпе закадравай музыкі, таксама сумяшчаю прыемнае з карысным. Штораніцы адціскаюся разоў 20 ці болей, трэнірую прэс. Штодня ўзважваюся, сачу за зменамі.

"Прыходзяць знаёмыя на піва — і прыносяць сабе піва, а мне таматны сок"

— Давайце падсумуем лічбамі: з чаго вы пачыналі і чым скончылі?

— Пачынаў я з запушчанага стану, маючы 116 кілаграмаў летась пры росце 185. Паводле розных табліц, мушу важыць менш за 90.

— Пасля таго, як вы пачалі рэзка за сабой сачыць — як хутка пачалі адбывацца змены?

— Першы месяц ці два зжэрлі тры чвэрці лішніх кілаграмаў. Потым было ўжо павольней, але цяпер я ўжо 90 размяняў. Як пазаймаюся спортам — дык і ўсе 88 важу. Крышачку запусціў — 91. Але пабачыш 91 — зноўку прэс трэніруеш.

— Выходзіць, супердыета — вы скінулі 27 кілаграмаў за год?!

— Фактычна — за тры месяцы!.. У далейшым ішло замацаванне вынікаў.

— Дык а цяпер цяжка падтрымліваць форму? Усё адно даводзіцца лопаць аўсянку замест скварак?

— Фокус у тым, што мне перасталі падабацца зранку скваркі і пачала цешыць аўсяная каша.

— Ага, а піва пачало здавацца горкім?..

— Піва пачало здавацца горкім. Да мяне прыходзяць знаёмыя на піва, прыносяць сабе і Марыне піва, а мне — таматны сок.

— Не адчуваеце сябе інвалідам?

— Каб не адчуваць інвалідам, магу дазволіць сабе чырвонага віна, зуброўкі з яблычным сокам, бехераўкі з гарбатай. Гарэлкі і піва стараюся не ўжываць.

"Сядаю перакладаць верш, а дачка кажа: "Зараз будзем глядзець фоткі!.."

— Андрэй, ці змянілася тэматыка вашых вершаў ад усіх гэтых эксперыментаў з уласным целам?

— У мяне, не паверыце, сапраўды пачалі пісацца вершы "за здаровы лад жыцця". Але трэба быць ідыётам, каб наіўна ў лоб даросламу чытачу прапагандаваць штосьці такое. У мяне гэта вылезла ў выглядзе дзіцячых вершыкаў. Ужо пару гадоў мая дачка Аленка натхняе мяне на, можа быць, не самыя наварочаныя дзіцячыя вершы, якія пішуцца па прынцыпе чукчы — што бачу, тое пяю. Альбо — "што бачыць малая, тое з яе "сацзамовы" агучвае ейны татка". Так і атрымалася цэлая кніжка вершаў, якая будзе называцца "Нататкі таткі". За апошні год "дыеты" ў кніжку ўвайшлі вершы, напрыклад, пра катанне на ровары і каньках, пра розныя іншыя актыўныя і радасныя дзеянні. Правяраю адразу на малой. Яна — самы лепшы крытык, якога не падманеш. Дзіцяці альбо цікава, альбо нецікава. Яна альбо слухае, альбо пачынае займацца сваімі справамі.

— Якія не даслухала, ішлі ў кошык ці на дапрацоўку?

— Якія не прайшлі "мастацкую раду", перарабляліся на "дарослыя"! (смяецца.)

— Увогуле — ці не складана паэту быць адначасова і бацькам такога мілага юнага стварэння?

— Складана, бо ў дзіцяці свая логіка. Творца любы па азначэнні эгаіст — і дзіця эгаіст. Я сядаю за камп'ютар са сваімі планамі паперакладаць вершы, якія даўно пара аддаваць у выдавецтва — а Аленка ўзлазіць на калені і гаворыць: "А цяпер мы будзем глядзець фоткі". Цяжка сфармуляваць зразумелы ёй аргумент, чаму мы не мусім глядзець фотак... (усміхаецца.) Даводзіцца глядзець фоткі!..

— Дык дзіця дадае паэту вершы ці адымае?

— Мне канкрэтна дадае. Без сумнення — не было б зараз цэлага пласта дзіцячых вершаў. Але нават "дарослых" крыніц натхнення дадае. Гэта можа быць абсалютна адасоблены верш, але натхнёны прыемнай гадзінкай "бацькоўскага" баўлення часу.

— Дык калі шукаць у кнігарнях кніжку "Нататкі таткі"?

— Я вывешваў гэтыя вершыкі спачатку ў сябе ў блогу. Бацькі пампавалі, чыталі дзеткам — і дасылалі мне водгукі. Потым на мяне выйшаў кіеўскі паэт Іван Андрусяк, які захацеў перакласці гэта на ўкраінскую мову. Потым выйшла на сувязь кіеўскае выдавецтва "Грані-Т", якое захацела гэта выдаць. Цяпер вось завяршаецца мастацкае аздабленне кнігі.

— Дзіўная сітуацыя. Але такім спосабам выйшла і вашая першая кніга — спачатку па-ўкраінску, потым па-беларуску. Чаму так?

— Магчыма, у Кіеве больш арганізаванасці ў гэтым плане. Магчыма, там большы кніжны рынак... Проста там выдавец сам знайшоў мяне. А тут я мушу хадзіць і шукаць, дзе і як выдаць. Ты — сам сабе літаратурны агент, а часам і выдавец. Да таго ж, дзіцячыя кніжкі, якія часам выходзяць у нас, — на таннай шэрай паперы, без ілюстрацый. Такія кнігі мая дачка любіць слухаць, але не хоча браць у рукі. Украінскія калегі пагадзіліся выдаць кнігу ў цвёрдай вокладцы і з добрымі каляровымі карцінкамі.

— Андрэй, а тое, што вы вывешвалі вершыкі ў блог — гэта не дасць падставу людзям падумаць: "А чаго нам кнігу купляць, мы гэта ўжо ў інтэрнэце пампавалі"?

— Ну, калі яны самі праілюструюць — калі ласка... Дзіцячая кніга, паўтаруся, павінна быць такой, каб дзіцяці было цікава трымаць яе ў руках.

"У Калумбіі чытаў вершы на стадыёне перад 10 тысячамі чалавек"

— Андрэй, часам даводзіцца чуць думку пра тое, што вас "зашмат": на усіх фестывалях, конкурсах, у журы — паўсюль Хадановіч. Што вы — не проста паэт, але шоумен, самапіяршчык...

— Напэўна, думка пра маю празмерную публічнасць занадта перабольшаная. Я выбіраюся з дому ў горад добра калі двойчы на тыдзень...

— Але ўсё адно, відаць, вы — самы "яздзючы" беларускі літаратар. Дзе даводзілася быць за апошнія гады?

— Ездзіў сапраўды нямала. Але бывае так, што некалькі паездак адна за адной, а потым з прыемнасцю некалькі месяцаў бавіш дома з сям'ёю. За апошнія гады пабываў на паэтычных фестывалях у Калумбіі, Італіі (востраў Сардынія), Японіі, Славакіі, Чэхіі, Славеніі, Ірландыі, Нямеччыне, зразумела — нашыя суседнія краіны...

— Патлумачце чытачам "Звязды", што робіць беларускамоўны паэт перад ірландскай ці калумбійскай публікай.

— Зразумела, трэба, каб паэт ведаў хоць адну мову, на якой яго там зразумеюць. У Ірландыі і Калумбіі я практыкаваўся ў англійскай, якая, на жаль, пакідае жадаць лепшага. Звычайна ты чытаеш па-беларуску, а пасля ідзе пераклад. Паэтычны ці проста падрадкоўнік — гэта залежыць ад узроўню арганізацыі фестывалю. З найлепшай арганізацыяй я сутыкнуўся ў Калумбіі — за год да фестывалю ў мяне папрасілі ладную колькасць вершаў, пераклалі іх і далі чытаць прафесійнаму акцёру. Там жа я быў шакіраваны, калі паэтычныя выступы збіралі на мясцовым стадыёне каля 10 тысяч чалавек. Атрымаў магчымасць адчуць сябе паэтам таго часу, калі стадыёны збіралі паэты на нашай радзіме...

— Карацей, Хадановіч ездзіць таму, што нешта для гэтага робіць. Але астатніх пачынае душыць жаба: яны ж таксама вершы пішуць!..

— Магчыма, жаба душыць, бо Хадановіч з дзіцем піша верш у той момант, пакуль нехта выпівае і закусвае?..

Фота аўтара і з хатняга архіва Андрэя Хадановіча

Андрэй Хадановіч. З будучай кнігі "Нататкі таткі"

КАТОК

Увечары — цукеркі й торт,
А зараз —
канькабежны спорт.

Выходжу з мамай, мама —
з татам,
А тата — з фотаапаратам.

Ура лядоваму палацу!
Хаджу туды, нібы на працу.
(А мама з татам —
папарацы.)

Заходзім, а ўнутры —
народу!
Відаць, не проста ім
без лёду.

Бяруць білеты па чарзе —
І ўся чарга на лёд паўзе.

Сама выходжу,
без падтрымкі.
(Хутчэй рабіце фотаздымкі!)

Мяне падзеннем не спалохаць:
У налакотніку мой локаць,

У накаленніку каленка —
Я выглядаю, як спартсменка.
 
Хай іншы, стаўшы на канькі,
Ляціць на іх ва ўсе бакі,

А вопытныя канькабежкі
Не слізгаюць,
а ходзяць пешкі.

Найлепшы канькабежны
спорт —
Калі ціхенька і паўз борт!

Пайду на лаўку,
да дзяўчынак —
І нам патрэбны адпачынак.
А потым зноў лячу на лёд,
Як рэактыўны самалёт.

Я правяла б жыццё на лёдзе.
Шкада, што тата кажа
"годзе".

РОВАР

Іду па ягады на градку,
А потым гучна клічу татку:

Давай на ровары паедзем!
(З табой і плюшавым
мядзведзем.)

Пракоцімся да луна-парку!
Не адмаўляйся — будзе
сварка.

Я раварыстка па жыцці,
Адно спярша мне прыкруці
Дзіцячае сядло да рамы.

Не знаеш, як? Спытай
у мамы...

Як хутка круцяцца педалі!
Чакай, зваліліся сандалі!

Уважлівей, не тая вуліца!
Ой, зараз ровар
перакуліцца!..

***

Прабітыя абодва колы,
І татка нейкі невясёлы:

Разбіў каленку аб зямлю.
Не лайся, я цябе люблю!

Ты быў найлепшым
раварыстам,
А я — найлепшым
таварыствам!

Комментарии: (0)   Рейтинг:
Пока комментариев нет