»Новости культуры / Зачараваны, альбо Беларусь вачыма перакладчыка Андрэ Бёма » http://bresttheatre.com/page.php?id=660 |
Автор: , Отправлено: 2011-01-05 06:32. |
Беларусь - гэта tеrrа іnсоgnіtа для большай часткі свету. У тым ліку, невядомая для большай часткі свету і беларуская літаратура. Пра гэта я ведала і раней. Але падчас размовы з перакладчыкам з Германіі Андрэ Бёмам гаворка ў нас зайшла-такі пра гэтую балючую тэму... Ва ўтульнай мінскай кавярні мы размаўлялі з ім пра арыгінальную і перакладную беларускую літаратуру, пра Беларусь. Андрэ свабодна гаворыць па-беларуску з мілым нямецкім акцэнтам, і вельмі прыязна ставіцца да нашай краіны. "Я не перабольшу, калі скажу, што Беларусь стала для мяне роднай", - прызнаецца ён. Апошнія шэсць гадоў Андрэ жыў у Мінску і актыўна вандраваў па Беларусі. Пасля вучобы ў Лейпцыгскім універсітэце ён быў накіраваны ў нашу сталіцу па адмысловай нямецкай праграме, каб выкладаць на філфаку БДУ нямецкую мову і літаратуру. Але яшчэ раней сам вучыўся на нашым філфаку па абмене. І Беларусь яго зачаравала. Андрэ адразу зацікавіўся нашай культурай і, як прафесійны філолаг, мовай і літаратурай. Пачаў знаёміцца з беларускімі літаратарамі. Стаў перакладаць з беларускай на нямецкую творы нашых пісьменнікаў. Андрэ распавёў аб тым, чаму, на яго думку, пра беларускую літаратуру так мала ведаюць у свеце і што з-за гэтага губляюць. "Беларуская мова для многіх проста не існуе" - Як падарожнік і навуковец, мажліва, вы ведаеце, як ставяцца ў Германіі, у Еўропе, у свеце наогул да беларускай літаратуры? - Часцей за ўсё беларускую літаратуру там проста не ведаюць. Ведаюць асобных аўтараў: Васіля Быкава, Алеся Разанава, Святлану Алексіевіч. Маладых таксама ўжо трошкі ведаюць. Вось Альгерда Бахарэвіча, які зараз жыве ў Германіі, Валерыю Куставу, якая шмат бывае ў Еўропе... Беларускую мову ў Германіі, наогул, не ведаюць, яна для многіх проста не існуе. Перакладзеных на нямецкую твораў беларускай літаратуры таксама надзвычайна мала... Гэта вызначае сітуацыю. - Ад аднаго польскага пісьменніка я чула, што з перакладамі ў свеце зараз наогул вельмі складана, што праца перакладчыка вельмі дрэнна аплачваецца і што часцей за ўсё перакладчык бярэцца за нейкі тэкст, калі аўтар - яго сябра. Ці праўда гэта? - У гэтым нешта ёсць... Некалькі сваіх тэкстаў я менавіта так і перакладаў. Неналежная аплата - гэта, напэўна, самая галоўная прычына, чаму я не магу вельмі шмат часу аддаваць перакладам. - Гэтая праблема датычыцца перакладаў з любой мовы альбо толькі з беларускай? - З любой. Увогуле мала аўтараў, вядомых усяму свету. Іх творы - бестселеры - перакладаюць за вялікія грошы, іх перакладчыкам шанцуе: добрая аплата, вялікі тыраж, хуткі продаж. А ёсць шмат цікавых аўтараў, якія не маюць сусветнай вядомасці. Іх творы прасунуць складана. Перакладчык павінен мець выдатныя дзелавыя якасці, каб пераканаць выдавецтва ў тым, што гэты перакладны твор варта выдаць. У прынцыпе, гэта тое самае, што самому напісаць кнігу. Калі чалавек напісаў раман, ён звяртаецца да выдавецтва, спадзеючыся, што яго твор надрукуюць. Гэта можа скончыцца і паспяхова, і няўдачна. У Германіі ёсць адзін перакладчык з балгарскай, рускай і беларускай моў Норбэрт Грандаў. Я часта завожу яму ў Берлін беларускія кніжкі - у нас такая традыцыя. Ён па сваёй ініцыятыве пераклаў на нямецкую мову "Дзве душы" Максіма Гарэцкага, таму што лічыць гэтую аповесць ключавой для беларускай літаратуры. Апошні раз, год таму, калі мы з ім бачыліся, ён шукаў выдавецтва, каб выдаць гэты твор... "У перакладчыка з беларускай мовы вельмі шмат праблем..." - А якія творы вы лічыце ключавымі для беларускай літаратуры? - Ёсць некалькі тэкстаў, якія мне падаюцца вельмі важнымі для Беларусі і ў мастацкім сэнсе вартымі таго, каб іх перакласці на іншыя мовы. Гэта "Каласы пад сярпом тваім" Уладзіміра Караткевіча, "Людзі на балоце" Івана Мележа (раман ужо перакладзены на нямецкую мову), "Старонкі Полацкай гісторыі" Уладзіміра Арлова (вельмі цікавы тэкст, які дае шмат інфармацыі пра гісторыю Беларусі) і "Новая Зямля" Якуба Коласа. Вельмі хочацца перакласці гэтыя тэксты, асабліва - Караткевіча. Але яго перакладаць вельмі складана. У ягоных тэкстах вельмі шмат паланізмаў, украінізмаў, дыялектызмаў... Наогул, вельмі сціпла сфарміраваны апарат перакладчыка з беларускай мовы. Асноўныя праблемы ўзнікаюць з-за таго, што мова вельмі розная, неўнармаваная, існуе некалькі граматык, якія знаходзяцца ва ўжытку, вельмі шмат не зафіксаваных слоўнікамі лексем... - Андрэ, чаму, на вашую думку, так мала перакладаў з замежных моў на беларускую і з беларускай на замежныя? - З замежных моў на беларускую, таму што дамінуючай мовай у Беларусі з'яўляецца, на жаль, руская. Усе чытаюць і размаўляюць па-руску. На рускую мову перакладзена амаль уся класіка сусветнай літаратуры. Пераклады на беларускую мову мала запатрабаваныя, таму імі мала хто займаецца. Як правіла, гэта патрыёты-энтузіясты. З беларускай мовы на замежныя перакладаў мала таму, што сама Беларусь вельмі мала, на жаль, вядомая за мяжой. Таму і цікавасць да яе літаратуры не такая, як хацелася б. А значыць, і перакладаў няшмат... За мяжой Беларусь успрымаецца ўсё яшчэ як частка Расіі. Паказальна, што ў некаторых мовах - і ў нямецкай, у тым ліку - "Беларусь" перакладаецца як "Белая Расія"... І зноў-такі, большасць еўрапейцаў не ведае, што ёсць беларуская мова. У беларускай літаратуры няма аўтараў, якія б мелі такую вядомасць, як, напрыклад, Дастаеўскі, Пушкін і Талстой... Ёсць адзінкі беларускіх пісьменнікаў, якіх сёння ведаюць за мяжой. І тое ў больш-менш адукаваных колах... У нямецкіх СМІ Беларусь прадстаўлена не вельмі станоўча. Калі ў нямецкіх СМІ ідзе гаворка пра Беларусь, то 99 % займае палітыка, і там няма нічога пра людзей, грамадства, культуру... Мне вельмі няёмка, нават сорамна з-за гэтага. Памятаю, у снежні 2004-га ў прэстыжным нямецкім часопісе Dеr Sріеgеl быў змешчаны вялікі артыкул пра Беларусь. І там быў фотаздымак, які паказваў, як наводшыбе Мінска бабуля пасе кароўку. І ў артыкуле сцвярджалася, што для беларускіх гарадоў гэта тыповае відовішча. Такую няпраўду чытаць было вельмі непрыемна і нават страшна... Калі б у Беларусі было ўсё так кепска, як пішуць у нямецкіх СМІ, то я не жыў бы тут шэсць гадоў. - У вас не было жадання напісаць артыкул альбо эсэ для якога-кольвек нямецкага выдання, каб крышачку адкарэктаваць сітуацыю? - Менавіта зараз, пад канец свайго візіту ў Беларусь (мой кантракт на выкладанне ў БДУ скончыўся), я зразумеў, што даўно трэба было так зрабіць. Я вельмі хачу напісаць кнігу пра Беларусь. Спадзяюся, што ў мяне атрымаецца. "У беларускіх гарадах у мяне такое адчуванне, нібыта можна з падлогі есці" - Андрэ, раскажыце, як вы ўспрымаеце Беларусь? - За апошнія гады я аб'ехаў, напэўна, усю краіну. Бачыў не ўсё, безумоўна, але шмат. Па сваёй плошчы Беларусь - досыць вялікая краіна. Здаецца, яна займае недзе 13 месца ў Еўропе. Беларусь падалася мне вельмі зялёнай. Мне падабаецца, што тут шмат палёў, лясоў, рэк, азёраў, балот. Беларусь - слаба ўрбанізаваная. Калі ездзiш па вёсках, ствараецца такое ўражанне, што трапіў у мінулае, нягледзячы нават на тое, што некаторыя вясковыя хаты ўжо абсталяваныя спадарожнікамі і г.д. Я сам адчуваю, што вёскі выміраюць. У іх вельмі мала людзей жыве, большасць з іх пажылыя, кепская інфраструктура - ды вы самі лепш за мяне ведаеце. Гэта, вядома, вельмі сумная справа, што вёскі выміраюць... Мінск то расце з кожным годам. Наогул, беларускія гарады вельмі чыстыя. Беларусы гэтым ганарацца. У беларускіх гарадах у мяне такое адчуванне, нібыта можна з падлогі есці: такія гарады чыстыя і ўтульныя. У параўнанні нават з нямецкімі, з расійскімі... Не хачу ідэалізаваць Беларусь. Вядома, я разумею і мінусы. Наконт вёсак тых жа... Але я не перабольшу, калі скажу, што Беларусь стала для мяне роднай краінай. Беларусь і Германія, дарэчы, вельмі падобныя. Можна пачаць з моў: абедзве яны еўрапейскія, і нават словы ў беларускай і нямецкай ёсць аднолькавыя: і па вымаўленні, і па сэнсе. Таксама геаграфічная блізкасць: сеў на цягнік - і заўтра ты ўжо ў Берліне. Вельмі цікава тое, што шмат беларусаў хоча вучыцца ў Германіі. І ў беларускіх літаратараў, як правіла, вельмі інтэнсіўныя кантакты з нямецкімі калегамі... |