i=3290
З 2 па 14 лістапада ў мінскім Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва пройдзе выстава “Аспекты жыцця: рэльеф і скульптура з воўны” шведскай мастачкі па тэкстылі Гунілы Пэтаў Шоберг. Пра гэта TUT.BY паведамілі ў пасольстве Швецыі ў Беларусі.

“Назва выставы ахоплівае два розныя канцэпты: Пакой росту і Пакой святла. У Пакоі росту Гуніла хоча даць слова Прыродзе, каб звярнуць пільную ўвагу на тое, што ўсе мы залежым ад Матухны Зямлі, без якой не было б жыцця. Воўна – экалагічны матэрыял, добры ўзор новых кірункаў у нашым свеце. У Пакоі святла змешчаны творы, што з’яўляюцца свайго кшталту разважаннямі пра нашу культуру, наша стаўленне да мінуўшчыны і нават, у пэўным сэнсе, да будучыні. Старажытныя знакі і сімвалы распавядаюць нам пра чалавецтва, пра гісторыю нашых жаданняў, пра каханне, уладу, рэлігію і вайну. Асаблівая ўвага надаецца тром “рэлігіям-сёстрам”, карані якіх палягаюць у Бібліі і якія самі грунтуюцца на любові да Бога і да бліжняга, аднак могуць служыць крыніцай войнаў і тэрору”, — паведамілі арганізатары выставы — Шведскі інстытут (Стакгольм) і Пасольства Швецыі ў Беларусі.

Адкрыццё экспазіцыі адбудзецца 2 лістапада а 17-й у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва (Мінск, пр-т Незалежнасці, 47). 6 лістапада Гуніла Шоберг таксама прачытае лекцыю “Мастацтва валяння: Гісторыя і сучаснасць”, якая адбудзецца ў памяшканні галерэі “Акадэмія” Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (Сурганава, 14) з 10.00 да 14.00. Уваход вольны.



Хто такая Гуніла Пэтаў Шоберг?

Гуніла нарадзілася ў 1942 годзе, адукацыю атрымала ў Фінляндыі і Швецыі, сёння жыве ў Больсце, што блізу Стакгольма. Яна ператварыла старажытную манеру валяння лямцу ў мастацкі сродак. Шведка вывучала мясцовыя тэхнікі валяння лямцу ў Манголіі, Турэччыне, Туркменіі, Вугоршчыне, а таксама ў Беларусі, дзе ўручную робяць абутак з лямцу – валёнкі.

Працы Гунілы можна ўбачыць як у Нацыянальным музеі і Шведскім нацыянальным грамадскім савеце па мастацтве, так і ў шэрагу іншых музеяў і афіцыйных устаноў, а таксама ў прыватных калекцыях. Выставы мастачкі дэманстраваліся ў шматлікіх краінах: ад Манголіі да Злучаных Штатаў.

За сваё мастацтва яна атрымала шэраг узнагарод і грантаў.



Комментарии: (0)   Рейтинг:
Пока комментариев нет